Назад

№12.
[Кастрычнік 1862 г.]. - Мужыцкая праўда №6
(ненадрукаваны варыянт)
Ненадрукаваны варыянт шостага нумара “Мужыцкай праўды” быў знойдзены ў 1989 годзе пры выпадковым адкрыцці патаемнай нішы ў віленскім Бернардзінскім касцёле. У тэксце беларускім сялянам тлумачыцца, што іх радзіма называецца Літва, а самі яны — літоўцы (ліцвіны); абгрунтоўваецца неабходнасць саюзу з Польшчай; выкрываецца грабежніцкая палітыка Расейскай імперыі. Нягледзячы на тое, што друкаванне было санкцыянаванае віленскім паўстанцкім цэнтрам, у друк рукапіс не пайшоў; замест яго выйшла агульнавядомая “Мужыцкая праўда” №6, скіраваная на абарону ўніяцкай царквы. Першасная графалагічная экспертыза не пацвердзіла ўласнаручнае напісанне гэтага тэксту К. Каліноўскім. Аднак агульная ідэйная скіраванасць дазваляе меркаваць, што дакумент паходзіў з блізкага атачэння Каліноўскага і, магчыма, быў створаны пры ягоным непасрэдным удзеле. Разам з тым, звяртае на сябе ўвагу адсутнасць традыцыйнага подпісу Яські-гаспадара, а таксама сталае ўжыванне аўтарам нехарактэрнай для іншых нумароў “Мужыцкай праўды” памяншальна-ласкальнай формы звароту “дзецючкі”.

Мужыцкая праўда №6 (ненадрукаваны варыянт). Факсіміле№6. Мужыцкая Праўда

Вы, Дзяцюкі, пэўне, не ведаеце, хто вы такіе, як называецца гэта земля, на якой нашые бацькі жылі, на якой мы жывямо, і нашые дзеткі жыці будуць; што з ею чаўплося з даўніх лет, якім гэта спосабам маскаль пад сябе загарнуў, і для чаго то ён нас да гэтае пары яшчэ трымае. Каб кажэн з вас не быў, як быдла, што нічога не знае, а ведаў усё тое, што чалавек вольны ведаць1 павінен, я пішу гэта пісьмо — вы, Дзяцючкі, адно з увагаю мяне паслухайце.

Земля наша з вякоў вечных называецца літоўская, а мы то называемся Літоўцы. Калісь то і нашые бацькі мелі сваіх каралёў, што адвагу іх на вайне, а справядлівасць у судзе на цэлы свет зналі. Для таго то Палякі, што жывуць каля Варшавы, нашага Караля выбралі і сваім Каралём. З гэтае пары, Дзяцючкі, мы прысягнулі на век вякоў жыці з Палякамі, разам на вайну хадзіці, меці адзін ронд2, адну веру і, як шырока земля наша, адну вольнасць для усіх.

Но не думайце, каб усе гэтага хацелі, было і меж намі шмат, а найбольш з вялікага3 панскага роду, што ім вольнасць такая вельмі калола ў вочы; для таго то яны шукалі толька спосабу, як скруціці вольнасць, і самім адно з яе карыставаць. Но проціў грамады не маглі нічога зрабіці. І было бы добра ў нашам краю. Но на нашае безгалоўе ў суседзтве з намі жыў маскоўскі Цар. У яго, дзяцючкі, з роду не было ніякай вольнасці, ніхто нават не быў жыцця пэўны. Для таго то Цар маскоўскі вельмі збаяўся, каб народ яго, угледзеўшы нашу вольнасць, не стаў бунтаваціся і не выгнаў цароў сваіх за ўсе галавы. Мужыцкая праўда №6 (ненадрукаваны варыянт). ФаксімілеПачаў ён для таго з намі ваяваці, но ніяк не мог нас абдужаці, і якое бы ён ні пасылаў войска, мы заўсюды яго выганялі.

Тагды Цар маскоўскі, не могучы нас вайною падбіці, выдумаў другі спосаб: стаў4 ён з гыцлямі, што адно чыгалі5 на нашу вольнасць, шахраваці6, і яны яму здрадаю Польшч аддалі, а цар за тое, запісаўшы нас у сказкі7 і ў паншчыну, пазволіў кажнаму абдзіраці8 і сам стаў глуміці.

Думаў Цар, што ніхто яму не перашкодзіць усіх цяменжыць9. Но не так Бог судзіў10. У 31 року маладзёж да і местачковыя, лепш знаючы, якая то несправядлівасць на свеце, як адні другіх цяменжаць, а ўсяму гэтаму найбольш вінен Маскаль, згаварыўшыся, да і збунтаваліся. Кепска было бы ўжэ з Маскалём, каб усенькі народ пачаў быў11 бунтаваці, но за тое ў нас, Дзяцючкі, мужык даўно ўжэ12 меў бы свой кусок землі, і было бы шчасце, і была бы справядлівая вольнасць. Но не так зрабілася, як хацелі тые, што дабро думалі13. Мужыкі14 не ведалі, за што збунтаваліся местачковыя да і маладзёж, і для таго не пашлі да паўстання, а гыцлі з вялікага панскага роду15, захапіўшы ронд у свае рукі, не думалі а вольнасці для цэлага народу, а як бы самім адно з яе карыставаць. Для таго, Дзяцючкі, Бог, што судзіць справядліва, сказаў16 нас усіх: мужыкоў за тое, што яны нічога не ведалі17, маладзёж і местачковых за тое, што яны аддалі ронд у панскія рукі, а паноў за тое, што яны не па справядлівасці зрабіці хацелі, і Маскаль, што адно жыве нашаю крыўдаю, зноў нас запрог усіх у няволю, а лепшым18 паном забраў іх маёнткі, і, калі каторы не ўцёк да Пранцуза, то яшчэ загнаў яго ў Сыбір19.

Напісаў я гэта пісьмо для таго, каб усе ведалі, як рабіці трэба, і скуль дабра спадзяваціся20. Адзываюся я да Вас, местачковыя і маладзёж, і прасіці Вас буду, калі збунтуецеся, Мужыцкая праўда №6 (ненадрукаваны варыянт). Факсімілето не аддавайце ў рукі паноў ніякага ронду — мы адно Вам будзем верыці, а то для21 таго, што адно вы самі22 гатовы жыццё сваё аддаці за нашу вольнасць.

Дзяцючкі, братцы мае мужыцкага роду, слышыцца ўжэ той час, калі мы на векі расстанемся з маскоўскім здзерствам23, а вольнасць справядлівая будзе наградаю за нашу працу, за нашу кроў, што пральецца, вы[г]аняючы24 маскоўскую саранчу!

Мужыцкая праўда №6 (ненадрукаваны варыянт). ФаксімілеПравінцыйны Літоўскі Камітэт дазваляе друкаваць з умовай нязменнасці і вяртання арыгінала.
Вільня, д.[ня] 12 кастрыч.[ніка] 1862.
25

Арыгінал Мужыцкай Праўды №6.26

 

Публікацыя паводле: LNM. R-15886. Арыгінал.
Атрамантам на трох аркушах стандартнага памеру, складзеных пазней у восем столак. Частка апошняга аркуша (вольная ад тэксту) адарваная. Пад польска­моўнай прыпіскай з дазволам на друк адбітак авальнай пячаткі Літоўскага правінцыйнага камітэта з выявай поціску рук і надпісам: “Odwaga Rozwaga”, а таксама манаграма, якая можа сведчыць пра аўтарства.
Матэрыял даслаў: Алесь Смалянчук