
Алесь Жамойцін
Балада пра ўцалелых паплечнікаў Каліноўскага
Зоркі цьмяна высвечваюць ветах,
Як стамлёны у бітвах клінок.
На адвечных арбітах планеты
Не зматаюць бясконцы клубок.
Над ракою ўздыхае цяпельца
На задумлівых тварах сяброў.
Хто ж мы – вартыя жалю тапельцы
На каменных далоняў вякоў?..
Ні кала, ні двара, ні бажніцы;
Толькі воблакі вольна плывуць.
Зноў чужому па звычцы маліцца;
Зноў пакорліва спіны сагнуць?..
...Ды з туманаў вынырваюць коні,
Зброя коннікаў грозна звініць, –
Старажытная наша Пагоня
Да агню на ратунак ляціць.
Весялей уздыхае цяпельца;
Праясняюцца твары сяброў.
Не астыць беларускаму сэрцу
На каменных далонях вякоў!..
Публікацыя паводле:
Новы Час, 2003. №2(7)