Назад

Храналогія паўстання 1863–1864 гг.

1863
Студзень10(22).01 - пачатак паўстання ў Польшчы. У Варшаве выдадзены Маніфест часовага ўрада й дэкрэты па аграрнаму пытанню.

20.01(1.02) - ЛПК прыняў рашэнне падтрымаць польскіх паўстанцаў і выпусціў Маніфест, у якім абвясціў сябе Часовым правінцыйным урадам Літвы і Беларусі, дзе таксама паўтарыў параграфы маніфеста Варшаўскага ўрада ад 10(22) студзеня.
27.01-сярэдзіна лютага - рэйд Р. Рагінскага па Заходняй Беларусі. Нечаканым налётам паўстанцы захапілі павятовы горад Пружаны. 19 лютага Рагінскі захоплены ў палон на беларускім Палессі.
Люты27.02(11.03) - "белы пераварот" у віленскай паўстанцкай арганізацыі. ЛПК трансфармаваны ў Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы. К. Каліноўскі адхілены ад цэнтральнага кіравання паўстаннем.

Каля 27 лютага - Каліноўскі напісаў гнеўны Пратэст супраць "белага" перавароту ў адрас варшаўскага цэнтра.
Сакавік11(23).03 - з Брытаніі накіравана зкспедыцыя пад камандаваннем Т. Лапінскага на параходзе "Ward Jackson", якая мелася даставіць інсургентам зброю і валанцёраў. Экспедыцыя была затрымана шведскімі ўладамі 21 скавіка.На Беларусі пачалі актыўныя дзеянні паўстанцкія атрады мясцовага фармавання.
Красавік24.04 - паўстанцы Л. Звяждоўскага пры падтрымцы мясцовых студэнтаў захапілі павятовы горад Горкі. Неўзабаве сілы Звяждоўскага былі разбітыя.
Травень1.05 - замест памяркоўнага У. Назімава віленскім генерал-губернатарам прызначаны М. Мураўёў-Вешальнік, які прыбыў у Вільню ў сярэдзіне траўня.

22.05 - найжорсткі бой паўстанцаў з карнікамі пад Мілавідамі. Перамога не дасталася аніводнаму з бакоў.

24.05 - М. Мураўёў выдаў інструкцыю аб ваенна-паліцэйскім упраўленні ў краі. Пачатак жорсткіх рэпрэсіяў як супраць саміх паўстанцаў, так і супраць асоб, якія ім спачувалі.
ЧэрвеньПачатак чэрвеня - пракацілася хваля арыштаў членаў Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы. Напалоханыя "белыя" адмаўляюцца займаць кіруючыя пасады ў паўстанцкай арганізацыі. У Вільню вымушаны вярнуць Каліноўскага. У беларуска-літоўскім паўстанцкім цэнтры зноў пачаў расці ўплыў "чырвоных".

11.06 - Каліноўскі апублікаваў на беларускай мове "Прыказ... ...да народу зямлі літоўскай і беларускай", які між іншым даводзіў сялянам, што паўстанне - "не дзела панскае".

14(26).06 - у Вільні абвешчана аб перайменаванні Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы, у Выканаўчы аддзел на Літве. Але, нягледзячы на гэта, залежнасць Вільні ад Варшавы хутка зноў стала чыста намінальнай.
ЛіпеньСярэдзіна ліпеня - камісар варшаўскага цэнтра ў Вільні Н. Дзюлеран адкліканы ў Варшаву. Перад ад'ездам ён перадаў сваю пячатку К. Каліноўскаму. Новым камісарам неўзабаве быў прызначаны А. Авейдэ.

26.07(7.08) - віленскім паўстанцкім цэнтрам канчаткова вынесены смяротны вырак губернскаму маршалку шляхты А. Дамейку - ініцыятару падачы вернападданніцкага адраса цару. Замах на Дамейку 30 ліпеня быў няўдалы.

27.07 - пададзены першы вернападданніцкі адрас цару з 235 подпісамі віленскіх дваран. Шляхта пачала адкрыта адыходзіць ад паўстання.

28.07 - у процівагу вернападданніцкім адрасам паўстанцы распачалі збор подпісаў пад контрадрасамі, якія меркавалася апублікаваць у замежным друку.

31.07 - арыштаваны старшыня Выканаўчага аддзела на Літве Я. Гейштар. К. Каліноўскі ўзначаліў віленскі паўстанцкі цэнтр.
Жнівень21.08(2.09) - ад імя віленскага цэнтра Каліноўскім дадзены дазвол грамадзянам не абмяжоўвацца ў падпісанні вернападданніцкіх адрасоў. Подпісы лічыліся фікцыяй. Гэты крок Каліноўскага выкліканы жорсткімі рэпрэсіямі супраць асоб, якія адмаўляліся паставіць свае подпісы пад адрасамі.

22.08 - арыштаваны А. Авейдэ. Перад арыштам ён перадаў паўнамоцтвы варшаўскага камісара Каліноўскаму. Такім чынам, апошні сканцэнтраваў усю паўнату паўстанцкае ўлады на Беларусі і ў Літве ў сваіх руках.
ВерасеньПаўстанне на Беларусі практычна задушана.

6-17.09 - зварот да вернікаў вышэйшага каталіцкага святарства з асуджэннем узброенай барацьбы і заклікам адыходзіць ад паўстання. Каліноўскі пазней адгукнецца на гэты зварот асуджальным лістом.

8(20).09 - Выканаўчы аддзел на Літве выдаў адозву да інсургентаў, што адбіліся ад сваіх атрадаў, якая ўтрымлівала заклік працягваць барацьбу нават зімой.

Напрыканцы месяца - жандары натрапілі на след Каліноўскага.
Верасень-снежань - невялікае кола барацьбітоў, што заставаліся на волі, у тым ліку Каліноўскі, стала рабіць захады па ўратаванню рэшткаў таемнай арганізацыі з тым, каб зноў аднавіць барацьбу ўвесну. Рассылаліся патрабаванні аб зборы нядоімак па паўстанцкіх падатках. За мяжой закуплялася зброя й амуніцыя.
Кастрычнік5(17).10 - Р. Траўгут узначаліў варшаўскі ўрад. Пачатак т. зв. "дыктатуры Траўгута", што працягвалася да сакавіка 1864 г.
Лістапад3.11 - віленскі цэнтр даслаў у Ковенскае ваяводства распараджэнне, згодна з якім у выпадку роспуску атрада жаўнерам павінны былі выдавацца адпускныя білеты, каб "часовы водпуск атрада не меў выгляду поўнага роспуску войскаў".
Снежань1(13).12 - віленскі Аддзел прыняў Пастанову, што рэгламентавала парадак ад'езду грамадзян, якія апынуліся перад непасрэднай пагрозай арышту.

4(16).12 - ліст віленскага цэнтра да ваеннага камісара Літвы й Беларусі за мяжой Б. Длускага, у якім яму прапанавана падрыхтаваць і выдаць вайсковыя статуты для інсургентаў, а таксама арганізаваць для іх ваенную школу.
1864
Студзень15(27).01 - Р. Траўгутам разасланы дэкрэт аб паспалітым рушэнні. Такім чынам, польскае кіраўніцтва заклікала ўвесь народ да паўстання (чаго ўвесь час патрабаваў Каліноўскі) толькі тады, калі само паўстанне ўжо было практычна задушана.

20.01(1.02) - выйшаў першы нумар газеты "Głos z Litwy" - неафіцыйнага друкаванага органа ЛПК.

28.01 - удзельнік паўстанцкай арганізацыі В. Парафіяновіч на допыце выдаў жандарам месца жыхарства Каліноўскага й ягоны псеўданім.

У ноч на 29.01 - арыштаваны К. Каліноўскі
29.01-10.03 - Каліноўскі за кратамі напісаў і перадаў на волю "Пісьмы з-пад шыбеніцы".
Люты 
Сакавік10(22).03 - у 10:30 раніцы на Лукішскай плошчы ў Вільні страчаны К. Каліноўскі.

УлеткуНа Беларусі ліквідавана апошняя рэвалюцыйная арганізацыя (Наваградчына).

За аснову ўзятыя даты старога стылю. У асобных выпадках даты новага стылю пададзены ў дужках.